РЭЦЫПРО́КНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,

сістэма двух скрыжаванняў, якія характарызуюцца ўзаемна процілеглым спалучэннем прыкметы, што аналізуецца, і полу (або тыпу спарвання) у форм, якія прымаюць удзел у скрыжаванні. Напр., калі пры адным скрыжаванні ў жывёл самка мела дамінантную прыкмету, а самец — рэцэсіўную, то ў другім скрыжаванні, рэцыпрокным першаму, самка павінна мець рэцэсіўную прыкмету, а самец — дамінантную. Р.с. выкарыстоўваецца ў генет. аналізе для выяўлення спадчынных фактараў, лакалізаваных у Х-храмасоме (гл. Палавыя храмасомы). Таксама ў выпадку анізагаміі выяўляюцца цытаплазматычныя спадчынныя фактары, калі ў абодвух Р.с. у спадчыну перадаецца толькі мацярынская прыкмета.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)